Забралі 11 старонак рукапісу "Беларусаліма" 11.07.2018

Сябры!
Вялікая падзяка тым, хто сустракаў, маліўся і падтрымліваў.
Пасьля 10 сутак на Акрэсьціна мяне вывезьлі ў Фрунзенскі райаддзел і трымалі там звыш тэрміну больш 5 гадзінаў, выпусьцілі толькі а 16.00.
Самае абуральнае, што адбылося са мной за гэтыя суткі - забралі 11 старонак рукапісу рамана "Беларусалім. Сэрца сьвятла". На сутках пісаў тэкст - падчас праверкі забралі, нягледзячы на пратэсты. Напісаў заяву на імя начальніка ізалятара. У адказ на наступнай праверцы белыя аркушы паперы з маіх асабістых рэчаў рассыпалі па падлозе камеры і ўся зьмена патапталася па іх.
"Шэрыя быкі танчаць карагоды!"
Буду пісаць у пракуратуру і міжнародныя інстанцыі, папрашу Саюз Беларускіх Пісьменьнікаў адрэагаваць - бо такога беззаконьня не было ані на Валадарцы, ані ў Амерыканцы, ані ў іншых ІЧУ.


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Эміграцыя 26.06.2018


Беларусь аддае сябе – такі сэнс Новага Запавету нашае гісторыі. Так фармулюецца і прычына масавае эміграцыі беларусаў у апошнія стагодзьдзі.

Звыш 4 мільёнаў беларусаў – трэць усяго этнасу! – расьсеяныя сёньня на аграмадных прасторах Эўропы, Амэрыкі й былога Савецкага Саюза. Найбольшыя арэалы беларускага расьсяленьня – Расея (1,2 мільёны чалавек), ЗША (500 тысячаў), Украіна (440 тысячаў), Польшча (350 тысячаў), Аўстралія (320 тысячаў), Ізраіль (140 тысячаў).

Эміграцыя – сусьветнае рэха беларускай гісторыі.

Хвалі эміграцыі, быццам порцыі крыві з рэзкімі скарачэньнямі сэрца, Беларусь выштурхоўвала з кожнай вайной, кожнай акупацыяй, кожным паўстаньнем. У XVII стагодзьдзі беларусаў палонам выводзілі ў Маскву, у XVIII ст яны самі імкнуліся ў багацейшую Эўропу, у ХІХ ст. пачалі выяжджаць у Амэрыку, у ХХ ст. дабраліся да Аргентыны, Канады й Аўстраліі.

Напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ ст. зь Беларусі эмігравала каля 1,5 мільёнаў чалавек. Толькі ў Сібір перасялілася звыш 700 тысячаў чалавек, сотні тысячаў выбраліся на Захад. "У пошуках лепшае долі" – напішуць пра гэта нашаніўцы.

У гады І Сусьветнай, рэвалюцыі й грамадзянскай вайны сотні тысячаў беларусаў бежанцамі трапілі ў Эўропу ды Амэрыку. У міжваенны час з аднае толькі Заходняе Беларусі туды выехалі 180-250 тысячаў чалавек. Тымчасам Саветы з плянавым наборам рабочае сілы, дэпартацыяй, раскулачваньнем і палітычнымі рэпрэсіямі вывезьлі ў іншыя рэгіёны СССР больш за 600 тысячаў беларусаў. Беларусы падымалі цаліну, будавалі БАМ і гінулі на Беламорканале.

З 2-х мільёнаў, вырваных зь зямлі ІІ Сусьветнай, у БССР вярнуўся толькі кожны трэці. Чвэрць мільёна засталіся ў Нямеччыне, многія зноў эмігравалі на Захад.

І ўсё-такі не навечна. Пасьля абвяшчэньня незалежнасьці ў пачатку 90-х ХХ стагодзьдзя больш за 150 тысячаў беларусаў вярнуліся на Радзіму.

Сучасная беларуская эміграцыя – гэта Сяржук Сокалаў-Воюш, Васіль Быкаў, Зянон Пазьняк, удзельнікі нацыянальнага руху, прадпрымальнікі і студэнты.

Беларускі эмігрант – асобная адзінка нацыянальнай ідэі, сутнасна хрысьціянскай і ўнутрана моцнай. Адзіны беларус у сьвеце можа стаць і кропкай апоры, і цэнтрам крышталізацыі фэномэну, і пунктам адліку эпохі.

Беларуская эміграцыя дала чалавецтву асобаў сусьветнае велічыні: прэзыдэнта Бэльгійскай Акадэміі Навук, нобэлеўскага ляўрэата па хіміі, Ільлю Прыгожына; пісьменьніка, нобэлеўскага ляўрэата па літаратуры, Чэслава Мілаша; авіяканструктара, стваральніка самалётаў "Су", Паўла Сухога; матэматыка, першую ў сьвеце жанчыну-прафэсара, Соф'ю Кавалеўскую; тэарэтыка тэрмаядзернага сынтэзу, Льва Арцімовіча й заснавальніка геліябіялёгіі Аляксандра Чыжэўскага, бацьку кібэрнэтыкі Норбэрта Вінэра і патрыярха сучаснай мэдыя-індустрыі Давіда Сарнова; падарожнікаў Мікалая Пржэвальскага й Яна Чэрскага; вялікага сьпевака Міхася Забэйду-Суміцкага і акадэміка Сусьветнае Акадэміі Астранаўтыкі, Барыса Кіта; прэзыдэнта Сэната Гавайскіх выспаў Мікалая Судзілоўскага, вядучага мастака Дыснэйлэнду Алію Клеч (Пашкевіч) і супэрзорку Нацыянальнае Хакейнае Лігі Уэйна Грэцкі.

Беларускі эмігрант на 100% аддае сябе новай зямлі. Ён часьцей распушчаецца ў ёй бяз знаку, або (радзей) ператвараецца ў больш беларускага беларуса, чым тыя, хто ў Беларусі застаўся.

Эміграцыя – гэта дыстыляцыя беларускасьці да чысьціні сьлязінкі. У чужым асяродзьдзі, без апірышча роднае зямлі, без матэрыяльных дамешкаў ідэал далёкае Беларусі робіцца выключна ўзьнёслым, сьветлым, і, у рэшце рэшт, духовым.

Характэрна, што нацыянальна сьвядомыя эмігранты на Захадзе, аб'яднаныя пад эгідай Рады БНР, традыцыйна ўтвараюць моцныя хрысьціянскія асяродкі. Так, як напісана: "І расьсялю іх паміж народаў, і ў далёкіх краінах яны будуць успамінаць пра Мяне..." (Захарыя 10:9)

2000 гадоў таму  інфраструктура Рымскае Імпэрыі й габрэйскае дыяспары дазволілі хрысьціянству за некалькі дзесяцігодзьдзяў ахапіць паўсьвету. Пры сёньнішняй ступені глябалізацыі й разьвіцьці інфармацыйных тэхналёгіяў эміграцыйныя асяродкі даюць бяспрыкладныя магчымасьці для прарыву культуры, палітыкі й духовасьці ў любых каардынатах на ўсім зямным шары. Дастаткова прыгадаць узоры паўсюдных расьсяленьняў армянаў, ірляндцаў ці тых жа габрэяў. Тым больш, што ўзоры ўласных шыкоўных замежных перамогаў у нас у наяўнасьці. Бліскучыя сусьветныя рэйды Адама Міцкевіча, Тадэвуша Касьцюшкі, Ігната Дамейкі даводзяць, што беларусы ўмеюць падымаць краіны нават адзінаасобна.

Беларусам патрэбная моцная, эфэктыўная й усеахопная дыяспара ўплыву, здольная зьдзейсьніць Адкрыцьцё Беларусі для ўсяго сьвету. Транснацыянальныя мэдыякарпарацыі, індустрыя экспарту беларушчыны й хрысьціянскае місіянерства ў кожным кутку плянэты – мэта Вялікай Беларусі, пашыранай да памераў плянэты.

З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Чарнобыль 14.06.2018


Чарнобыль – чорны боль Беларусі.

Чарнобыль нават гучыць як удар звону. Як наканаваньне для Беларусі.

Чарнобыль і Беларусь, як нэгатыў і здымак, як чорна-белыя кадры дакумэнтальнае кронікі, для ўсяго чалавецтва сумешчаныя ўвадно назаўжды.

26 красавіка 1986 года ў гадзіну ночы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі выбухнуў рэактар 4-га энэргаблёку. Гэта стала найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофай у сусьветнай гісторыі.

“Трэці анёл затрубіў, і ўпала зь неба вялікая зорка, палаючы, нібы сьветач, і ўпала на траціну рэк і крыніцы водаў. Імя гэтай зорцы палын ; і траціна ўсіх водаў зрабілася палыном, і многія людзі памерлі ад водаў, бо яны прагорклі" (Адкрыцьцё 8: 10-11).

Чарнобыльскі выбух, быццам апошняе рэха залпу "Аўроры", стаў прадвесьцем развалу СССР. Чарнобыль, як і Курапаты, напрыканцы ХХ стагодзьдзя зьяднаў беларускую нацыю. Чарнобыльскі Шлях 26 красавіка – самая масавая штогадовая маніфэстацыя ў Беларусі.

З Чарнобылю, разьмешчанага на стыку Беларусі, Расеі й Украіны, аграмаднае воблака зь ветрамі пайшло на Маскву. У небе разгортваліся прывіды Хірасімы, хмары клубіліся тысячамі ядравых грыбоў і ракавых пухлінаў, страшны дым заражэньня пакрываў Гомельшчыну, Магілёўшчыну, Браншчыну, Чарнігаўшчыну… І тады савецкае кіраўніцтва, падняўшы ў паветра вайсковую авіяцыю, расстраляла аблокі й з дажджамі асадзіла радыяцыю ў Беларусі.

Беларусь зноў ахвяравалася, ратуючы Расею.

70% радыёнуклідаў выпала на БССР. Астатняе накрыла сумежныя вобласьці Украіны й Расеі, таксама этнічна беларускія. Больш 2 мільёнаў 200 тысячаў беларусаў сталі суцэльнай жывой зонай радыяцыйнага паражэньня.

Сёньня Чарнобыльская зона – гэта 41 горад і 3329 вёсак. Гэта 2 мільёны гектараў лесу, дзе забаронены збор ягад і грыбоў. Гэта 235 мільярдаў даляраў урону – 30 гадавых бюджэтаў Беларусі. Гэта закінутыя дамы, глуш, дзе плодзяцца адно дзікія зьвяры, бамжы з усяго былога Саюзу й крымінальныя банды. Чарнобыльская зона – гэта збор мэталалому, каб пракарміцца, чарнобыльскія мутанты – пачварныя дрэвы, грыбы, жывёлы – рак шчытападобнае залозы й лейкемія. З 1986 г. першасная інваліднасьць у немаўлятаў павялічылася на 50%, колькасьць генэтычных адхіленьняў – у 8 разоў, захворваньні ракам сярод дзяцей – у 130 разоў!

Чарнобыль – пранізьлівае зло сучаснасьці. Чарнобыль пранікае да атамаў і генаў. Чарнобыль расшчапляе жыцьцё на элемэнтарныя часьціцы: страх, боль, час. Бязьвідная, жахлівая сьмерць Чарнобылю паражае да касьцёвага мозгу, да таемных залозаў, да нашчадкаў у дзесятым калене. Дасканалы вобраз зла.

Беларусы ясьней за іншых уяўляюць сабе існаваньне грэху, пекла і д'ябла – бо беларусы ведаюць, наколькі рэальны нябачны Чарнобыль.

Беларусь вядомая паводле  Чарнобылю. Мільёны чарнобыльскіх дзяцей ужо пабывалі ў Эўропе, дзе адно толькі ўзгадваньне Чарнобылю выклікае сьлёзы. "Чарнобыльская малітва" Сьвятланы Алексіевіч й "Сэрца Чарнобылю", што атрымала Оскара-2004 за лепшы дакумэнтальны фільм, чарнобыльскія ахвяры, чарнобыльскія фобіі расьсеяліся па сьвеце, каб усе народы адчулі фізычную прысутнасьць зла, спароджанага самім чалавецтвам.

Духовы Чарнобыль вакол нас, папярэджвае Беларусь. Сьвет заражаны. Але Госпад Бог дапускае вялікія выпрабаваньні для тых, для каго мае вялікае прызначэньне. Д'ябальская агрэсія Чарнобылю, накіраваная на зьнішчэньне Беларусі, яшчэ раз правяла нацыю праз крыжовы шлях Ісуса Хрыста.

Усю сілу пракляцьця, якое прыняла на сябе нашая зямля, увесь боль ахвяры дзеля чалавецтва Госпад Бог абавязкова пераможа ўваскрасеньнем. Але, каб гэта адбылося, мала заставацца Чарнобыльскай зонай. Трэба стаць Беларусьсю.

Счарнелую, збалелую, спакутаваную тэрыторыю адсяленьня дзяржава павінная не пакідаць зачумленым гушчарам, а ператварыць у запаведнік радыяцыйнага пільнаваньня ды маніторынгу для ўсяе плянэты.

У гісторыі ўсяго чалавецтва Чарнобыль мусіць застацца глябальным папярэджаньнем у Сэрцы Эўропы. Чорным нэгатывам для сусьветнага прасьвятленьня.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Хатынь 06.06.2018


22 сакавіка 1943 г., у дзень вясновага раўнадзенства і ў самы разгар вайны, нацысцкія карнікі цалкам спалілі вёску Хатынь на Лагойшчыне – 26 двароў. 149 чалавек, зь якіх 75 дзяцей, згарэлі зажыва.

Хатынь – сымбаль беларускага пекла. Усю вёску заганяюць у калгасную адрыну. Зачыняюць. Абліваюць бэнзінам. Падпальваюць. А тых, хто здолеў вырвацца – расстрэльваюць з расстаўленых абапал кулямётаў.

У 1969 годзе, з пабудовай на 25-годзьдзе вызваленьня Беларусі мэмарыяльнага комплексу Хатынь у вачох усяго СССР увасобіла трагедыю мірнага насельніцтва ў ІІ Сусьветнай вайне. Хаты Хатыні зрабіліся ўсесаюзнай Мэкай прапагандовага турызму. Тых, хто ехаў празь Менск на Захад і тых, хто прыяжджаў сюды з брацкіх краінаў сацлягеру, везьлі ў Хатынь на паломніцтва цэлымі аўтобуснымі караванамі. Тут пабывала больш 35 мільёнаў чалавек са 100 краінаў сьвету.

Хатынь – помнік страшнай ахвяры беларускага народа. На 50 гектарах спаленае зямлі – вурны з глебаю са 185 зьнішчаных і адроджаных беларускіх вёсак; могілкі 433-х, разбураных назаўжды; пліты са зьвесткамі аб 66-ці лягерох сьмерці ў Беларусі. Хатынь – гэта абвугленыя коміны са званамі, якія б'юць штохвіліны круглыя суткі, вялікі чорны помнік старому, які трымае на рукох цела забітага хлопчыка, і вечны вагонь. Хатынь, як полымя, ахапіла ахвяраў усяе вайны: беларусы, нароўні з габрэямі й палякамі, найбольш пацярпелі ў пажары ІІ Сусьветнай.

Хатынь удвая страшней з тае прычыны, што злачынства пад камандаваньнем СС рабілі свае – паліцэйскае падразьдзяленьне на чале з Рыгорам Васюрам. Некаторыя з забойцаў мірна дажылі ў Савецкім Саюзе аж да 80-х і былі выкрытыя ды асуджаныя ўжо ў глыбокае старасьці.

Нарэшце, Хатынь жахлівая яшчэ і тым, што яе назва, выбраная савецкім кіраўніцтвам з соцень падобных вёсачак, мусіла схаваць у сугуччы Катынь – адкрытае ў 1941 г. немцамі пад Смаленскам шматтысячнае пахаваньне польскіх жаўнераў з Заходняе Беларусі, расстраляных НКВД напярэдадні вайны.

Сёньня ў Хатынь прыяжджаюць нямецкія бізнэсоўцы, якія працуюць у Менску. Ціха плачуць, каюцца й моляцца. Так, Эўропа мусіць плакаць і каяцца ў Хатыні.

Попел Хатыні б'ецца ў нашыя сэрцы. Жалезабэтонны саўковы агітпроп у Хатыні – фальш. Трагедыя значна глыбей. Бязбожная чалавечая нянавісьць у самых пачварных абліччах – вось зь якой апраметнай вырываецца вечны вагонь. Знак пекла гарыць тут для ўсяго сьвету, і ня гасьне.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Трасьцянец 31.05.2018


Трасьцянец пад Менскам – месца найбольш масавага зьнішчэньня людзей на тэрыторыі былога СССР. Адзін з самых вялікіх у сьвеце нацысцкіх лягераў сьмерці. Чацьвёрты па колькасьці забітых, пасьля Асьвенцыму, Майданэку й Трэблінкі. Кожны чацьвёрты – столькі беларусаў загінула ў той вайне.

Страшнае месца. Гітлераўскі канцлягер разьмясьцілі ў тым жа ўрочышчы, дзе перад вайной ліквідавала "ворагаў народа" НКВД. Трасьцянец – гэта Курапаты й Хатынь, разам узятыя. Але гэта яшчэ ня ўсё. У 70-я тут зрабілі сталічны сьметнік.

З 1941г. па 1944 г. ля вёскі Малы Трасьцянец ва ўрочышчах Благаўшчына й Шашкова нямецкія нацысты забілі, паводле афіцыйных зьвестак, 206 тысячаў чалавек, паводле неафіцыйных – звыш 300 тысячаў: габрэяў, беларусаў, вязьняў канцлягераў, прывезеных сюды з Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Францыі, Чэхаславаччыны. Тут зьнішчалі габрэяў Менскага гета. Тут расстралялі ксяндза Гадлеўскага й ягоных паплечнікаў. Попелам з крэмацыйнае печы ўгнойвалі палі бліжэйшае гаспадаркі СД.

Але Трасьцянец ня стаў мэмарыяльным комплексам. На адным з найстрашнейшых палёў сьмерці ў сьвеце стаіць толькі невялічкі памятны знак. І гіганцкія ямы, поўныя людзкога попелу і касьцей, зямля, дзе Беларусь забівалі Захад і Ўсход, глеба, зь якой расьце горыч зьнішчанага чалавецтва, зараз заваленая сьмецьцем і адкідамі. Бо ўрочышча Благаўшчына, дзе расстрэльвала НКВД, было благім падмуркам для савецкага мэмарыялу.

Трасьцянец – апафэоз трагізму беларускай гісторыі. На адным месцы беларусаў забівалі камуністы й нацысты, затым Трасьцянец паўстагодзьдзя забывалі й урэшце зрабілі выграбной ямай гіганцкага мэгаполісу. На палёх Трасьцянца робіцца гранічна ясна, што чырвонае й карычневае проста зьмешваюцца ў бруд.

Прах Трасьцянца – гэта крах усіх бязбожных ідэалёгіяў і прапагандовых мітаў ХХ стагодзьдзя.

Трасьцянец – гэта сапраўдная Благаўшчына. Гэта д'ябальшчына, зь якой камісарская чорная скура часоў эсэсэсэр пераліваецца эсэсаўскімі бліскавіцамі, серп і молат перакручваецца ў свастыку, а брэх расейскага мату рэхам паўтараецца ў нямецкіх камандах.

Ніхто не забыты? Вы забыліся пра Забыцьцё Трасьцянца!

З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Статут ВКЛ 21.05.2018


Зыходзячы з таго, што:

– Біблейскі Стары Запавет трымаўся на Законе, а Новы Запавет сьцьвярджаў: не скасаваць, а выпаўніць Закон прыйшоў Хрыстос (Мацьвея, 5:17);

– У эпоху стварэньня Трох Статутаў ВКЛ перажывала Залаты век;

– Духовае абуджэньне Беларусі ХVI стагодзьдзя было нацыятворчым пэрыядам,

Мы лічым Статут ВКЛ сапраўдным законам беларускае гісторыі.

Напачатку Статуту было Слова.

"Глядзіце, што павінны рабіць, бо не тварыце суда чалавечага, але суд Божы, і Ён з вамі ў справе суду. Няхай будзе ў вас страх Гасподні заўсёды: зьдзяйсьняйце ўсё чыстасардэчна, бо няма ў Госпада Бога нашага няпраўды, ані ўвагі на асобы, ані пажаданьня дароў". (Другая кніга Летапісаў, 19:6-7); "Правам судзіце, сыны чалавечыя". (Псалмы, 57:2) – гэта цытаты з тытульнага аркуша Статуту.

Высокі суд гісторыі! Як вынікае з гэтага дэвізу, вялікія беларусы таго часу трымаліся Закону Божага.

Артыкул 1. Статут ВКЛ –сымбаль дзяржаўнае справядлівасьці й прадмет нацыянальнага гонару.

1.1 Статут ВКЛ утрымліваў падставовыя прынцыпы сучаснага права: роўнасьць кожнага перад законам, прэзумпцыю невінаватасьці, правы й абавязкі асобы.

1.2. Статут ВКЛ быў поўным зборам неабходных кодэксаў. Статут 1588 г., паводле якога Беларусь жыла 250 наступных гадоў, меў 14 разьдзелаў і 488 артыкулаў, прычым у 1-4 разьдзелах зьмяшчаліся нормы дзяржаўнага права й судовага ладу, 5-10 – шлюбна-сямейнага, зямельнага й цывільнага, у 11-14 – крымінальнага й крымінальна-працэсуальнага права.

1.3. Статут ВКЛ увеў уласную сыстэму кадыфікацыі на аснове тутэйшага звычаёвага права і быў сапраўды Беларускім Законам.

Заўвага. У адрозьненьні ад Заходняй Эўропы, дзе карысталіся рымскім правам, выкладзеным на лаціне, тэкст Статуту ВКЛ у Беларусі разумеў кожны, бо законы былі напісаныя па-беларуску.

Артыкул 2. Статут ВКЛ – закон нашае незалежнасьці.

2.1. Статут ВКЛ абвяшчаў безумоўны дзяржаўны сувэрэнітэт і сьцьвярджаў прыярытэт нацыянальных інтарэсаў.

2.2 Статут ВКЛ забараняў чужаземцам займаць дзяржаўныя пасады.

2.3 Статут ВКЛ дазволіў Беларусі захаваць самастойнасьць і ў саюзе з Польшчай, і самабытнасьць пад акупацыяй Расеі.

2.4. Статут ВКЛ – сьведчаньне велічы й магутнасьці Сярэднявечнай беларускай дзяржавы.

Артыкул 3. Статут ВКЛ - гэта закон дэмакратыі.

3.1. У адпаведнасьці з галоўным дэмакратычным прынцыпам Статут ВКЛ усталёўваў падзел уладаў на:

а) заканадаўчую – Сойм

б) выканаўчую – вялікага князя й яго адміністрацыю

в) судовую – трыбунал ВКЛ, земскія й падкаморскія суды, выбарныя й незалежныя ад уладаў.

3.2. Статут ВКЛ вызначаў вядучую ролю самакіраваньня ў вырашэньні мясцовых праблемаў.

3.3. Канстытуцыйная манархія Статуту ВКЛ мела хрысьціянска-дэмакратычны характар – ідэальны лад для Беларусі.

Артыкул 4. Статут ВКЛ - гэта закон талеранцыі.

4.1. Правы вернікаў усіх канфэсіяў ураўноўваліся адмысловым артыкулам.

4.2. Увесь Статут літаральна дыхаў хрысьціянскай узаемапавагай.

4.3. У часы інквізіцыі на Захадзе й страшных караў для іншаверцаў у Маскве Беларусь, дабраславёная тэрыторыя Статуту, стала прыстанкам для прапаведнікаў з усяе Эўропы.

Артыкул 5. Усе тры Статуты ВКЛ былі створаны духовымі й палітычнымі лідэрамі тагачаснае Беларусі.

5.1. Першы Статут 1529 г. рэдагаваў вялікі канцлер Альбрэхт Гаштольд – найбольш верагодна, пры ўдзеле Франьцішка Скарыны.

5.2. Другі, 1566 г, складалі канцлер Мікалай Радзівіл Чорны, лідэр беларускае Рэфармацыі, і маршалак дворны Астафі Валовіч.

5.3. Трэці, 1588 г. – Валовіч, які ўжо стаў канцлерам, і падканцлер Леў Сапега, будучы валадар ВКЛ.

Артыкул 6. Статут ВКЛ стаў найлепшым законам  тагачаснай Эўропы.

6.1. Яшчэ некалькі стагодзьдзяў уся Усходняя Эўропа карысталася нормамі Статуту – або непасрэдна, або ў якасьці прыкладу для ўласнай юрыспрудэнцыі.

6.2. Статут, як узорны Асноўны Закон, быў перакладзены на польскую, лацінскую, нямецкую, францускую, расейскую, украінскую мовы.

6.3. Статут ВКЛ стаў правобразам першых дэмакратычных канстытуцыяў Эўропы.

Артыкул 7. Статут ВКЛ – фундамэнтальная гістарычная база нацыянальнага права.

7.1. Прынцыпы Статуту ВКЛ мусяць стаць асновай для артыкулаў і параграфаў нашага будучага заканадаўства – сутнасна беларускага, дэмакратычнага, эўрапейскага.

7.2. Глыбокі хрысьціянскі характар Статуту ВКЛ – падставовая традыцыя для закону Новае Беларусі.

7.3. Статут ВКЛ уступіў у сілу на самым піку беларускае гісторыі – і таму для нацыянальнай ідэі яго заканамернасьці маюць неабмежаваны тэрмін дзеяньня.

"Бо закон духу і  жыцьця ў Хрысьце Ісусе вызваліў мяне ад закону грэху й сьмерці." (Да Рымлянаў 8:2)


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Славянства 07.05.2018


"Славяне" – у гэтым імені  гучыць і  "слава", і  "слова".

Славяне – найбуйнейшая ў Эўропе група народаў: 300 мільёнаў чалавек.

Славяне, што ў VI – VII стагодзьдзях нашай эры занялі ўвесь цэнтар і ўсход Эўропы, а затым расьсяліліся да Паўночнага Ледавітага й Ціхага акіянаў, сапраўды заслужылі ў сусьветнае гісторыі даволі высокіх словаў, выявілі і сілу, і слабасьць і далі цывілізацыі колькі слаўных старонак. Славяне заснавалі ў Беларусі першыя гарады й адыгралі вызначальную ролю ў фармаваньні беларускай нацыі.

У сярэдзіне І тысячагодзьдзя нашае эры славяне жылі ў Беларусі толькі на правабярэжжы Прыпяці. З гэтага пляцдарму шматвекавы напор асыміляцыі рушыў на перапоўненыя вадою балцкія землі. Дрыгавічы занялі палескія балоты; крывічы аселі на ўзгор'ях, у вярхоўях рэкаў і на вадападзелах Цэнтральнае Беларусі й Валдаю; радзімічы абжылі палі між Дняпром і Дзясной – і на гэтых трох кітах паўстаў беларускі этнагенэз.

Славяне асымілявалі балтаў і сталі беларусамі. Гэты відавочны факт нашае гісторыі ёсьць яўным доказам беларускасьці ВКЛ. І ў першым, і ў другім выпадку мы маем дзьве фазы аднаго й таго ж працэсу. Больш моцны, разьвіты, энэргічны этнас асвойваў балцкую прастору й надаваў ёй уласную сутнасьць.

Царызм, бальшавіцкая прапаганда й постсавецкі афіцыёз, якім трэба было апраўдваць імпэрскую русыфікацыю, ва ўсе часы рабілі з славянства гэткі расавы культ з квасным душком і чарнасоценнай адрыжкай. "Дык мы ж славяне!" – кажуць у нас з сумесьсю сораму й гонару, апраўдваючы характэрныя разьлівы пачуцьцяў, бытавое п'янства, антызаходніцтва й антысэмітызм, а таксама стварэньне сабе праблемаў, а потым змаганьне зь імі не на жыцьцё, а на сьмерць.

Што ж насамрэч значыць для беларусаў славянства? Імёны Станіслаў, Вячаслаў, Любоў ды Людзьміла. Румяная сіла, слаўная дабрыня, буйныя й грубавата-скругленыя рысы твару. Душа наросхрыст, шырынёю ад Падунаўя да Вісла-Одэрскага міжрэчча.

Беларусь, разьмешчаная ў самае глыбіні славянскага сьвету, зь Сярэднявечча яднала ўсходнеславянскія землі й прапаведвала сярод суседзяў Слова Божае. Таму славянскае паходжаньне не дае нам ніякае расавае перавагі – але абавязвае несьці Слова бліжняму й славіць Бога на гэтай зямлі.

"А мы ўсе, як у люстры, гледзячы на славу Гасподнюю, зьмяняемся ў той самы вобраз – са славы ў славу, як з Гасподняга Духа." (ІІ Да Карыньцянаў 3:18)


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Рэч Паспалітая 27.04.2018


Рэч Паспалітая – літаральны пераклад з лаціны Res publica. Рэспубліка. Гаспадарства. Справа народу. З такім дэманстратыўным дэмакратызмам называлі сваю дзяржаву і сярэднявечнае ВКЛ, і Карона Польская. Нарэшце, абедзьве краіны злучыліся ў адзіную Рэч Паспалітую – паміж Расеяй і Нямеччынай, колішнім Трэцім Рымам і будучым Трэцім Рэйхам. Вайскова-палітычны хаўрус дзеля таго, каб захаваць сэрца Эўропы пад ударамі з Усходу й Захаду – гэта сапраўды была Рэч!

Гісторыя беларускай вуніі з Польшчай пачалася яшчэ ў 1385 г.

Вялікі князь Ягайла браў шлюб з польскай каралеўнай Ядзьвігай, рабіўся каралём і дзеля таго аб'ядноўваў ВКЛ з Польшчай. Нявесту, і паўцарства ў прыдачу – аказваецца гэта была ня казка. Палюбоўны хаўрус палякі спрабавалі абярнуць у далучэньне "крэсаў усходніх", але беларускія магнаты захоўвалі беларускую незалежнасьць і пасьля Люблінскай вуніі 1569 г.

Усё Сярэднявечча ВКЛ і Карона Польская стаялі сьпіна да сьпіны ў атачэньні ворагаў. Беларусы й палякі разам рубіліся пад Грунвальдам, разам адбівалі Полацк у Івана Жахлівага, тройчы хадзілі на Маскву ў пачатку XVII ст., разам давалі адпор казацкім наездам і поплеч змагаліся супраць страшнага маскоўскага Патопу 1654 – 67 гг.

Беларусь, яднаючыся ў вунію, спрабавала абараніцца ад Масквы – а ў выніку апынулася ў палоне паланізацыі.

Час Рэчы Паспалітай – пэрыяд дэградацыі Беларусі як краіны й беларусаў як нацыі. Рэч у тым, што беларускія магнаты й гаспадары, паступова прымаючы польскую мову, веру й культуру, проста рабіліся панамі, і разам зь беларускасьцю страчвалі народ – вуніяцкі, сялянскі, занядбаны. Эліта нацыі губляла паспалітасьць. Рэч была й у тым, што жывую, гарачую веру ўсё больш замянялі халодныя, урачыстыя абрады. Літара бязьлітасна душыла дух, і хрысьціянскае сумоўе ператваралася ў міжканфэсійнае раздарожжа. А насамрэч – рэч была у тым, што ў XVII – XVIII стст. адыходзіла Вялікая Літва і нараджалася Вялікая Беларусь.

Што дала Рэч Паспалітая Беларусі? Паланізацыю, Контаррэфармацыю, акаталічваньне шляхты, страту нацыянальнай сьвядомасьці. Вялікую авантуру 1604 – 1621 гг. зь Ілжэдзьмітрыямі й Марынай Мнішак, забарону мовы ў 1696 г. і ўвесьчаснае прыніжэньне праваслаўя, пратэстанцтва ды вуніі.

Што атрымала ў Рэчы Паспалітай Польшча? Міцкевіча, Касьцюшку, Манюшку, Сянкевіча й нават маршала Пілсудзкага. Зарад духу й любові, вырваны з самага сэрца. Зарад, які перарабіў Польшчу цалкам. Гэта ж колькі ласкі й натхненьня трэба было, каб пераплавіць ганарыстую й жорсткую Карону ў краіну рамантычных паўстанцаў, Канстытуцыі 3 траўня, раману "Quo Vadis", у Польшчу "Салідарнасьці" й радзіму Папы Рымскага, Яна Паўла II! За гэтыя 200 гадоў Беларусь аддала Польшчы сябе ўсю. Юльян Нямцэвіч, Адам Нарушэвіч, Франьцішак Князькін, Уладзіслаў Сыракомля, Эліза Ажэшка – колькі талентаў, колькі веры, колькі ахвяраў! Самазабыўная, закаханая адданасьць без надзеі на ўзаемнасьць – вось чым была Рэч Паспалітая для Беларусі.

Хочацца плакаць наўсхліп, калі ўяўляеш сабе, наколькі адчайна білася беларускае сэрца за сваю любую Польшчу. Здольнасьць беларускасьці любіць, ацаляць праз уласныя раны, паглынаючы боль, і паміраць за блізкіх – звышнатуральная. Як гэта нагадвае Ісуса!..

Рэч Паспалітая загінула ў той самы час, калі сьвет скаланалі француская рэвалюцыя, расейскі імпэрыялізм, прускі мілітарызм й амэрыканская вайна за незалежнасьць. Разадраная й падзеленая чужымі жаўнерамі, быццам Хрыстова вопратка ля Крыжа.

Пазалочаны каралеўскі трон Рэчы Паспалітай перавезьлі ў Піцер і ператварылі ў "стульчак" для прыбіральні Кацярыны II. Менавіта на гэтым "стульчаку" менш чым праз год імпэратрыцу насьмерць разьбіў паралюш.

Апошні сейм Польскае Беларусі прайшоў у Гародні ў 1794 годзе, пад стваламі гарматаў. Прайшоў нема. Маўчаньне было вычарпальным. Беларусь зрабіла для Рэчы Паспалітай усё, што магла.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Працяг будзе

ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Полацк 12.04.2018


Полацк – пачатак Беларусі.

Першая беларуская сталіца, гістарычны цэнтар хрысьціянства, горад сьвятых і сьвятыняў.

Месца таго самага адкрыцьця Божага, якое працяло Сэрца Эўропы тысячагодзьдзе таму, якое дагэтуль крывіць і крынічыць, наталяючы ўсю нацыю.

Тут у Х ст. упершыню прапаведваў Ісуса Торвальд Вандроўнік, і тут жа ў 992 г. узьнікла першая праваслаўная епархія. Тут быў заснаваны наш галоўны храм – Сафійскі Сабор – і зроблены наш галоўны Крыж. Эўфрасіньня, духовая апякунка Беларусі – Полацкая. Сімяон, адзін з галоўных асьветнікаў Расеі – Полацкі. Францыск, першадрукар і апостал нацыі – таксама полацкі. Полацкая крыніца дзесяць вякоў надавала празрыстасьці й натхнёнасьці беларускаму хрысьціянству.

Бацька гарадоў беларускіх, ключавы пункт транзыту з варагаў у грэкі, вечавы Полацк на правох першынца зрабіўся зародкам нашае дзяржаўнасьці й падмуркам гістарычнага дэмакратызму, а Полацкае Княства – першавобразам сувэрэннае Беларусі. Першы ўладар-хрысьціянін у Беларусі – полацкі князь Ізяслаў. Патрыярх беларускай незалежнасьці – полацкі Усяслаў Чарадзей. Ды й самы яркі беларускі гісторык сучаснасьці – безумоўна, палачанін Уладзімір Арлоў.

У хрысьціянскім Полацку скрышталізаваліся ўсе тыя бліскучыя грані й ясныя рысы, што будуць потым скразіць з глыбіняў Сярэднявечча, праменіць праз усю беларускую гісторыю сьвятлом веры й любові, і дасёньня адлюстроўвацца ў кожным значным моманьце нацыянальнай ідэі. Храм. Крыж. Кніга. Апостальскае падзьвіжніцтва. Імкненьне да сьвятасьці. Вечавы закон. Эвангельскае місіянерства.

Полацк, быццам пячатка, прастаўлены і ў "Слове аб паходзе Ігаравым", і ў перакладах Сьвятога Пісьма, зробленых Францыскам Скарынам "са слаўнага места Полацка", і ў маскоўскіх выданьнях лідэра партыі заходнікаў, што ператвараў дэспатычную Маскву ў культуровую імпэрыю – Сімяона Полацкага.

У Полацку, як у велізарным Саборы, істотна й сымбалічна літаральна ўсё.

Вось ён, на гербе Залатога Веку, беларускі Пачатак: карабель з трыма мачтамі-крыжамі ў блакітным полі на срэбнай вадзе, пад разгорнутымі ветразямі, белымі-белымі…

Полацк – беларуская Палестына, наша сьвятая Зямля. І гэта ў Полацку вось ужо тысячу галоў паўтараюцца словы Божыя, 9-10 вершы 18-га разьдзелу Дзеяў Апостальскіх:

"…Ня бойся, а прамаўляй і не змаўкай, бо Я з табою, і ніхто ня зробіць табе ліха; бо ў Мяне многа людзей у гэтым горадзе."

У Полацку, магічным крышталі нацыянальнай ідэі, канцэнтраваўся і ўвесь драматызм беларускай гісторыі. Яе кульмінацыйным момантам, пунктам пералому нацыянальнага лёсу, пахаваньнем Старога Запавету й прадвесьцем Новага, сталі штурм і разбурэньне Полацку ў 1563 годзе. Іван Жахлівы вывеў у маскоўскі палон 50 тысячаў палачанаў, выразаў усіх габрэяў і спустошыў знакамітую Полацкую бібліятэку. Беларусь была ўкрыжаваная й паражаная ў самае сэрца. Але адначасова ахвярная сьмерць Пачатку нарадзіла й новую эру – эру пакуты й болю ў імя Уваскрасеньня.

Таму і ў наступныя стагодзьдзі полацкія падзеі, быццам электрычныя разрады, будуць скаланаць усю краіну.

Таму ў супрацьстаяньні, якое падарве і падзеліць ВКЛ, – зноў у Полацку! – сыдуцца духовыя гіерархі, вуніят Язафат Кунцэвіч і праваслаўны Мялет Сматрыцкі, абодва прызначаныя на пасаду полацкага біскупа. Бітва скончыцца плахай для аднаго, вырачэньнем для другога і крахам для краіны.

Таму ў Полацку раптоўна ашалее перад абразамі Сьвятое Сафіі, і ўчыніць крывавую разьню Пётр І. Разам зь Меншыкавым ён заб'е пяцёх сьвятароў, а сам храм ператворыць у парахавы склад, што выбухне з адыходам расейскіх войскаў.

Таму напрыканцы ХVIII ст. правінцыйны Полацк нечакана зробіцца сусьветнай сталіцаю езуітаў. З 1773 г. да 1820 г., забароненыя папскай бульлёй, сьвятары Таварыства Езуса з усіх краінаў будуць зьяжджацца ў Полацк, дзе Кацярына ІІ дазволіць дзейнасьць Ордэну. На базе першага ў ВКЛ калегіюму тут адчыніцца славутая Полацкая акадэмія, найбуйнейшы міжнародны цэнтар хрысьціянскай адукацыі – і яе выкладчыкаў ды выпускнікоў будзе ведаць уся Эўропа й Амэрыка. Беларускі Полацк стане рэзыдэнцыяй генэралаў Ордэна, самых уплывовых каталікоў пасьля Папы Рымскага.

Таму ў Полацку акупацыйныя расейскія ўлады ў 1839 г. прымусяць пастыраў вуніі падпісаць акт аб пераводзе вуніятаў у праваслаўе – ужо не ў беларускую, а ў маскоўскую артадаксальную царкву.

Таму ў 50-х гг. ХХ ст. камуністы, зьнішчаючы Беларусь, збудуюць тут свой Новы Полацк, горад гігантаў нафтахіміі й атручанага паветра. Але менавіта тут напрыканцы 80-х адначасова зь Менскам успыхнуць мітынгі нацыянальнага Адраджэньня.

Толькі мэтафізычнай сілаю гэтага месца можна патлумачыць такі моцны полацкі інстынкт беларускасьці.

…Сёньня камусьці можа падацца, што Полацк ужо састарэў. Згорбіўся, зьніякавеў, задрамаў. Толькі белая-белая Сафія засталася шчылінкай сьвятла ў прычыненых дзьвярох. Але дастаткова ўвайсьці ў гэты горад, прыслухацца да яго, ціхага й містычнага, каб зразумець: гэта не маўчаньне. Гэта чаканьне, якое бывае ў царкве ці касьцёле перад набажэнствам.

Для Новае Беларусі Полацк ня проста "старажытны", "гістарычны", "легендарны". Полацк застаецца вялікім Пачаткам, Горадам-храмам, у які нацыі наканавана вяртацца зноў і зноў.


З кнігі "Люблю Беларусь"


ГІСТОРЫЯ БЕЛАРУСІ. Першы зьезд РСДРП 30.03.2018


Вось ужо сто гадоў камуністычныя лідэры, заходнія палітолягі, студэнты-гісторыкі й аналітыкі ЦРУ, спрабуючы асэнсаваць сусьветны выбух савецкага камунізму, штораз вяртаюцца да яго пачатковага пункту. Увесь сьвет са зьдзіўленьнем ды жахам разглядае непрыкметны драўляны дамок у Менску па-над Сьвіслаччу, дзе 1 – 2 сакавіка 1898 года сабраўся падпольны I Зьезд Расейскай Сацыял-Дэмакратычнай Рабочай Партыі.

Ва ўмовах царскага палітычнага сыску разрозныя групы сацыял-дэмакратаў з усёй Расеі даслалі сюды сваіх прадстаўнікоў для ўтварэньня агульнай партыі й прыняцьця маніфэсту. Менск выбралі і як скрыжаваньне паміж галоўнымі рэвалюцыйнымі цэнтрамі – Масквой, Вільняй, Кіевам, Піцерам, Варшавай – і як самы зацішны заходні горад імпэрыі. Іх было дзевяцёра: кіеўляне Барыс Эйдэльман, Натан Відгорчык і Павал Тучапскі, Сьцяпан Радчанка зь Пецярбургу, масквіч Аляксандр Ванноўскі, екацярынаславец Казімір Петрусевіч, а таксама бундаўцы Аляксандр Крэмэр, Шмуел Кац і Абрам Мутнік. Маніфэст расейскай сацыял-дэмакратыі, напісаны піцерскім марксістам Пятром Струвэ, быў падпольна аддрукаваны ў Бабруйску.

Тым, хто вывучаў "Кароткі курс гісторыі КПСС", і тым, хто прывёў эўрапейскую сацыял-дэмакратыю да трыюмфу канца XX ст., і тым, хто вывучаў Імпэрыю зла як ворага, было б цікава даведацца, што зь дзевяцёх заснавальнікаў РСДРП пяцёра мелі беларускае паходжаньне. Ніводзін з удзельнікаў I Зьезду так і ня стаў нават сярэдняй рукі кіраўніком рэвалюцыйнага руху. Ніводзін зь іх ня мае ў сваёй далейшай біяграфіі якіх-небудзь гістарычна значных падзеяў. Большасьць расчаравалася ў рэвалюцыі й стала звычайнымі абывацелямі. Але велізарная сіла, спароджаная імі, ужо разгортвалася, мяняючыся, набываючы жахлівыя абрысы й небывалую разбуральнасьць, ахоплівала мільёны ва ўсім сьвеце. Дзеля таго, каб амаль праз стагодзьдзе пацярпець гістарычны крах – на тым жа месцы, дзе й нарадзілася.

Інтэлігенты, вальнадумцы, змагары за правы чалавека (якія сьветлыя, чыстыя намеры!) ўпершыню сабраліся разам дзеля вызваленьня рабочага клясу. Чым гэта скончылася – добра вядома. І паказальна, што скончылася менавіта ў Беларусі. Іхні першы зьезд дзеля кансьпірацыі зьбіраўся пад выглядам застольля: на стале – гарэлка, пад сталом – “Капітал” Маркса. Праз 70 гадоў у парткамах усё будзе наадварот: на стале Маркс, а пад сталом гарэлка.

Сюды, у цэнтар Менску, да калыскі савецкае сыстэмы, у домік сярод чарэшняў і клёнаў, у часы росквіту камуністычнае імпэрыі абавязкова прыяжджалі галоўныя таварышы з усёй плянэты: францускі генсэк Морыс Торэз, кіраўнік ГДР Ульбрыхт, кубінскі лідэр Фідэль Кастра. Гэтаму доміку пакланяліся як храму паў-сьвету. І паў-сьвету яго праклінала.

Госпад Бог прыводзіць чалавецтва ў гэтую краіну вельмі часта. З асаблівай настойлівасьцю й значэньнем. І з кожным наведваньнем мы асэнсоўваем усё больш балюча й ясна, наколькі важна тое, што мы тут.

Сёньня маленькі домік па-над Сьвіслаччу атачаюць спаруды камуністычнай эпохі. Будынак Штабу Беларускай Вайсковай Акругі, у якой Саветы рыхтавалі армаду для ўварваньня на Захад. Гіганцкая тэлевежа, што паўстагодзьдзя тлуміла беларускія галовы бальшавіцкай прапагандай. Радыёвышка, якая колісь глушыла "Свабоду", а цяпер абслугоўвае пэйджары. Знакавы абэліск Перамогі з чырвонай зоркай, пастаўлены тут, быццам мат менскай гісторыі, афіцыйным сымбалем гораду. Вуліцы, помнікі, будынкі скрозь па ўсёй Беларусі захоўваюць амаль некранутую краіну разьвітога сацыялізму – такую ж цьмяную, правінцыйную й забытую, як і драўляны шэра-зялёны, у стылі хакі, домік-музэй I Зьезду РСДРП.


З кнігі "Люблю Беларусь"

Страницы: 1 2 3 4 5 ... 9 След.
Читать другие новости

Павел Севярынец