Накіпела

Піша мне адзін журналіст, каб я адкаентаваў руйнаванне брамы 18-ст. у Лідскім раёне. Пра гэтую браму я даведаўся літаральна пазаўчора, ці ўчора, як з'явіліся публікацыі пра яе руйнаванне. Па факту - зноўку інфармацыйны гвалт, соплі па сцяне і плач Яраслаўны - нашую спадчыну гадаўцы-чынўнікі руйнуюць.

І ў чарговы раз у мяне пытанне. А чаму пра аб'екты культурнай спадчыны ўсе клапоцяцца, калі іх руйнуюць, і, дарэчы, руйнуюць не помнікі, не гісторыка-культурныя каштоўнасці, якія пад аховай дзяржавы, а прста гістарычныя аб'екты без статуса помніка, нават без статуса аб'ектаў нерухомасці.

Шаноўнае панства. Таварыства аховы помнікаў гадамі паўтарае, што інстытуалізацыя (наданне статуса помнікаў) гістарычных аб'ектаў - гэта справа, якая ў нашых руках. Закон прадугледжвае, што кожная юрыдычная ці фізічная асоба мае права прапаноўваць матэрыяльныя аб'екты ці праявы нематэрыяльнай творчасці чалавека на статус гісторыка-культурнай каштоўнасці.

Але такіх прапаноў практычна не паступае ў дзяржорганы, а грамадства і СМІ пачынаюць "галашэнне па спадчыне", калі нейкі з безстатусных аб'ектаў атрымоўвае пашкоджанні ці руйнуецца, замест таго, каб страціць калева часу, зрабіць своечасова прапанову і даслаць яе ў адпаведныя органы ўлады. Нават калі яна будзе не па форме, то прыдзе адказ з тлумачэннямі, як гэтую прапанову правільна афармляць.

Так можа замест плача Яраслаўны нашым рупліўцам спадчыны заняцца рэальнай справай? Ці нашае грамадства, нават яго актыўная частка, да справы не гатова і чакае міфічнага добрага дзядзьку, які прыйдзе і разруліць усю сітуацыю. У прынцыпе, нічога дзіўнага няма. Патраналісцкія настроі характэрны ўсім слаям беларускага грамадства, у тым ліку і так званым актывістам, якія заўсёды спасылаюцца на жэстачайшы крывавы акупацыйны рэжым.

А самае цікавае, што нашае грамадскае аб'яднанне, Таварыства аховы помнікаў, з мінулага году б'е ў званы, якіх ніхто не хоча чуць, што з увядзеннем у сілу Кодэкса аб культуры створаны ўсе перадумовы для знікнення аб'ектаў гісторыка-культурнай спадчыны, паўнамоцтвы органаў улады і праваахоўных арганаў не вызначаны, скасавана дзеянне шматлікіх падзаконных нарматыўных дакументаў, якія рэгуялявалі сферу аховы і працу з помнікамі. Самае галоўнае, што гэта на фоне адсутнасці элементарных тэхнічных рэстаўрацыйных нормаў.

Нікому да гэтага справы няма. Гэтае пытанне падымаецца толькі Таварыствам аховы помнікаў і некалькімі спецыялістамі, якія працуюць з помнікамі гісторыі і культуры, як архітэктары і рэстаўратары. Гэтую праблему нават да гэтага часу не агучвае Беларускі камітэт ICOMOS, які першы павінен біць у званы, а ён шукае нейкія там сэнсы ў спадчыне, праводзіць экскурсійныя фэсты ды лічыць некрапалістыку вартай увагі працай.

Ды што гаварыць пра наш ICOMOS, калі нават дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якія дэкларуюць сябе абаронцамі нацыянальных каштоўнасцяў, не хочуць заўважаць элементарнага. Тая ж, не люблю гэтага слова, але ў гэтым выпадку па-іншаму нельга, спадарыня Анісім бачыць праблему толькі ў тым, каб законы пісаліся на беларускай мове. Нонсэнс. Заканатворца і заканадаўца думае не пра сутнасць, не пра якасць законаў, а пра іх форму.

Руйнаванне брамы, агучанае ў СМІ, не спрачаюся, каштоўнай, гістарычнай, становіцца медыяпадзеяй, у той час, калі пры так званай "рэстаўрацыі" Гарадзенскага замку аўтэнтычныя канструкцыі легітымізавана знішчаюцца на карысць аўтарскім задумам архітэктараў. І гэта хвалюе толькі нефармальны гарадзенскі інтэрнэт-партал ды невялічкае кола спецыялістаў, якіх да аб'екта, да замку, на гарматны стрэл не пускаюць, бо ўсе неадэкватныя працы могуць стаць здабыткам грамадскай думкі.

Калі ўжо нашыя акулы пяра перастануць спекуляваць на танных матэрыялах пра падзеі, якія могуць падавацца толькі ў негатыўным ключы. Калі ўжо нашыя журналісты, як з дзяржаўных, так і з недзяржаўных СМІ ўключаць свае мазгі на асвятленне не вершаліны айсберга, а на асвятленне сапраўдных, глыбінных праблем, якія накапіліся ў сферы аховы і захавання помнікаў гісторыі і культуры фактычна ад самага пачатку існавання незалежнай Беларусі.

Кожны раз, калі бачу нейкі матэрыял, прысвечаны помнікам, са спадзяваннем яго праглядаю, а раптам, а раптам урэшце-рэшт праблема асвятляецца так, як трэба, раптам зрблена спроба, хоць слабая, разабрацца ў прычынах тых прцэсаў, якія адбываюцца ў дачыненні да нашых помнікаў, бо развага над прычынамі дае ключ над вырашэннем праблемы.

Але... Цудаў не бывае. Усё па накатанай. Мы белыя і пухнатыя, а вось рэжым крывавы і акупацыйны. Вось ён ва ўсім і вінаваты, а мы яго ахвяры. Ёсць такая навука - віктымалогія, згодна якой ахвярай становіцца той, хто ахвярай стаць жадае. Хто хоча рэальна займацца аховай спадчыны, той займаецца канкрэтнай справай. А астатнія гуляюць у ахвяр, плачуць, робяць гучныя заявы, адным словам, імітуюць бурную дзейнасць.


13.04.18 23:03

Антон Астаповіч