АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Пенсійная рэформа Матулі 328:галадоўка Эканамічны крызіс Забойства Паўла Шарамета

Старшыня Салігорскага трацейскага суда напісаў артыкул «Прычыны схільнасці дзяржаўных служачых да сэксуальных перверсій». Гэта проста пекла

Вячаслаў Дрызгаловіч, старшыня выязнога Трацейскага суда з Салігорска, апублікаваў у суполцы суда Укантакце артыкул, прысвечаны «вычварэнцам» на дзяржаўнай службе.


Старшыня Салігорскага трацейскага суда напісаў артыкул «Прычыны схільнасці дзяржаўных служачых да сэксуальных перверсій». Гэта проста пекла
Шматслоўны тэкст пад назвай «Прычыны схільнасці дзяржаўных служачых да сэксуальных перверсій» пры жаданні можна цалкам прачытаць тут. Калі коратка, то ва ўсім свеце цвітуць вычварэнствы і сэксуальныя меншасці. Усе праблемы ад таго, што людзі капіююць герояў кіно і літаратуры, беларускае грамадства жыве ў віртуальнай рэальнасці, вычварэнцы паўсюль, асаблівая праблема — дзяржслужба.

«Акрамя як абуральнымі, нельга не назваць выпадкі, калі адкрытыя гомасэксуалісты, лесбіянкі, бісэксуалы займалі і займаюць кіруючыя пасады ў сістэме органаў выканаўчай улады, ІМПЗ, і нават сістэмы адукацыі Салігорскага раёна, — турбуецца Дрызгаловіч.

«Вычварэнцаў» на пасады падсаджваюць транснацыянальныя карпарацыі, упэўнены аўтар.

«Сумнеўна, што традыцыі, якія існуюць у Беларусі, маюць на ўвазе магчымасць знаходжання на дзяржаўнай службе асоб з пэрверсіямі. Але вось дзейнасць транснацыянальных ценявых кампаній, накіраваная на захоп улады неканстытуцыйным спосабам, прадугледжвае вярбоўку і ўкараненне ў сістэму органаў дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання менавіта асоб, якія маюць тыя ці іншыя пэрверсіі, прычынай чаго з'яўляецца падвышаная унушальнасць такіх асоб, іх схільнасць да дэлінквентных паводзінаў, і, у цэлым, іх сацыяпатыя».

Можа гэта старонку ўзламалі? Ці Дрызгаловіч так пажартаваў?

Ён сам сцвярджае, што не. Гэта свядомы крок чалавека, які скончыў Акадэмію кіравання пры прэзідэнце і працуе юрыстам у Салігорску.

Дыялог з ім атрымаўся, мякка кажучы, абсурдным.

Прыводзім размову з Вячаславам Дрызгаловічам без купюр.

Паглядзелі ваш артыкул, прысвечаны вычварэнцам, які апублікаваны ў суполцы Трацейскага суда. Гэта ж вы аўтар?

Вячаслаў Дрызгаловіч: Так, так.

 А якая мэта артыкула? Гэта ж не тычыцца вашай прафесійнай дзейнасці.

ВД: Чаму не тычыцца? Справа ў тым, што ў сувязі з рознымі сітуацыямі ў галіне забеспячэння бяспекі дарожнага руху нярэдка звяртаюцца людзі з пытаннямі, з неразуменнем таго, што адбываецца ў гэтых сітуацыях. І гэты артыкул адзін з этапаў серыі артыкулаў, якія пойдуць пасля, на падставе якіх людзі змогуць рабіць нейкія высновы, наладжваць нейкім чынам свае паводзіны з іншымі ўдзельнікамі дарожнага руху і з органамі, якія забяспечваюць бяспеку дарожнага руху.

Прабачце… То бок артыкул «Прычыны схільнасці дзяржаўных служачых да сэксуальных перверсій» заклікана забяспечыць бяспеку дарожнага руху?

ВД: У тым ліку.

 А адкуль спасылкі на псіхіятраў і псіхолагаў? Вы ж не псіхіятр сам…

ВД: З іх прац. Мы, юрысты, у перыяд навучання праходзім такі прадмет, як юрыдычная псіхалогія. І гэтыя цытаты ўзяты з прац, якія праходзяць у межах гэтага курса.

 Скажыце, а да чаго тут аповед пра выпадкі, калі гомасэксуалы і лесбіянкі займаюць пасады на дзяржслужбе? Якая розніца, чым займаецца чалавек?

ВД: Патлумачу, у нас у дзяржаве каля 200 тысяч дзяржслужачых. То бок сэксуальныя перверсіі, да якіх схільныя тыя ці іншыя грамадзяне, абумоўленыя ў першую чаргу іх хворым псіхічным станам. Што тлумачыць іх схільнасць да дэвіянтных паводзінаў. Ці патрэбныя краіне на дзяржслужбе грамадзяне, якія схільныя да такіх паводзінаў?

Вы лічыце, што лесбіянка не можа выконваць такую працу, ці што?

ВД: Так думаюць вядучыя псіхолагі і псіхіятры, я толькі выкладаю іх пазіцыю.

Я вам патлумачыў, такія людзі схільныя да дэвіянтных паводзінаў больш, чым усе астатнія. І, як правіла, яны гэтыя ўчынкі робяць, у той ці іншай ступені. Чаму? Зразумела — бо адчуваюць ад гэтага задавальненне.

А дзейнасць «транснацыянальных ценявых кампаній, накіраваная на захоп улады неканстытуцыйным метадам»? Гэта вы Беларусь маеце на ўвазе?

ВД: Калі вы знаёмыя з паняццем «транснацыянальныя ценявыя кампаніі», то мусіце ведаць, што адзін з асноўных даходаў такіх кампаній — забеспячэнне дзяржпераваротаў і захоп улады неканстытуцыйным шляхам.

А што гэта за кампаніі? Назвы, можа, агучыце?

ВД: Гэта ценявыя кампаніі. Вы навучаліся ў якой установе адукацыі?

Філалагічная адукацыя, я не вельмі знаёмы з «ценявымі кампаніямі».

ВД: Калі вы пройдзеце перападрыхтоўку ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце па нейкай спецыяльнасці, то ў курс большасці спецыяльнасцяў па перападрыхтоўцы ўваходзяць прадметы, на якіх вы даведаецеся, што такое транснацыянальныя ценявыя кампаніі і як яны ажыццяўляюць дзяржаўныя перавароты.

То бок вас навучылі гэтаму ў Акадэміі пры прэзідэнце?

ВД: Ну так. Не навучылі, а расказалі, падзяліліся.

Пра тое, што гэтыя кампаніі ўкараняюць вычварэнцаў у сістэму дзяржаўнай улады?

ВД: Неабавязкова вычварэнцаў. Але, у прынцыпе, гэта адзін з тыпаў людзей, якія найбольш паддаюцца ўплыву, якія схільныя да такога роду кантактаў. Чалавека можна проста купіць, можна да чагосьці схіліць. Але калі ў чалавека, прабачце за выраз, дзіравая псіхіка, то з ім прасцей вырашаць таго кшталту пытанні. Калі ён з’яўляецца сацыяпатам, то гэта проста знаходка для шпіёна.


08:00 07/07/2018


Загрузка...
Загрузка...